Чытаць арыгінальны допіс па-англійску
У сённяшнім абнаўленні мы дадаем тэгі, каб удзельнікі суполак маглі расказаць пра сябе крышку больш, наладу для адключэння перасылкі паведамленняў у прыватных чатах, рэдагаванне анімацый і подпісы да іх, новыя інструменты для рэгістрацыі і ўваходу ў праграмы і на сайты з дапамогай Telegram — і шмат чаго яшчэ.
Удзельнікі суполак цяпер могуць дадаваць тэг побач са сваім імем — каб паказаць сваю ролю на працы, што яны вывучаюць у школе, або нешта падобнае. Гэта дапамагае пазнаць адно аднаго ў суседскіх чатах або падкрэсліць, чым вы цікавіцеся ў анлайн-суполках.
Кіраўнікі суполкі могуць выбіраць, ці могуць удзельнікі групы задаваць уласныя тэгі, або ці могуць іх прызначаць толькі кіраўнікі. Тэгі ўдзельнікаў, якія з’яўляюцца кіраўнікамі суполкі, заўсёды паказваюцца ў іншым колеры, каб адасобіць іх ролю.
Каб дазволіць удзельнікам задаваць свае тэгі ў вашай суполцы, перайдзіце ў Налады суполкі > Дазволы і ўключыце «Рэдагаваць уласныя тэгі».
У 2021 годзе Telegram дадаў налады абароны кантэнту для суполак і каналаў, што дапамагае стваральнікам кантэнту рабіць свае публікацыі больш эксклюзіўнымі.
З сённяшнім абнаўленнем карыстальнікі могуць цяпер адключыць абагульванне ў любым прыватным чаце, каб спрыяць атмасферы ўзаемнага даверу. Гэта абмяжоўвае перасылку паведамленняў, здымкі экрана або захаванне медыя з чата.
Каб адключыць абагульванне ў чаце, адкрыйце профіль карыстальніка, націсніце ⋯ або ⋮ і выберыце «Адключыць абагульванне». Гэтая функцыя пакуль даступная толькі карыстальнікам Telegram Premium.
Пры выбары анімацыі з панэлі вы можаце дадаць да яе подпіс — і адправіць усё адным паведамленнем. Як і з іншымі тыпамі медыя, подпіс можна размяшчаць над ці пад анімацыяй – каб кожны мем быў адфарматаваны ідэальна.
Каб дадаць подпіс, націсніце і ўтрымлівайце файл на панэлі анімацый і выберыце «Дадаць подпіс».
Фотаздымкі, якія вы адкрываеце ў праглядніку медыя, цяпер можна ператварыць у стыкеры ўсяго адным націскам. Гэтыя стыкеры можна рэдагаваць, каб выразаць аб'екты, дадаць тэкст, эмодзі і многае іншае перад адпраўкай.
Стыкеры, якія вы ствараеце, можна захаваць у абраныя або дадаць у наборы стыкераў.
Анімацыі і стыкеры з панэлі цяпер можна рэдагаваць у магутным медыя-рэдактары Telegram — каб дадаваць тэкст, малюнкі і эмодзі, а таксама абрэзаць анімацыі і змяняць іх працягласць.
Каб дадаць подпіс або адрэдагаваць анімацыю, націсніце і ўтрымлівайце файл на панэлі анімацый і выберыце «Дадаць подпіс».
Апытанні з бачнымі галасамі цяпер паказваюць адзнаку часу для кожнага карыстальніка, які прагаласаваў. Такім чынам, удзельнікі могуць бачыць, калі быў аддадзены кожны голас.
Летась мы далі штучнаму інтэлекту ў ботах магчымасць перадаваць тэкст паступова, пакуль яны генеруюць адказ. З сённяшнім абнаўленнем кожны бот у Telegram можа ўключыць гэтую функцыю — для плыннага адлюстравання адказаў, якія плаўна разгортваюцца на экране.
Цяпер можна выкарыстоўваць свой уліковы запіс Telegram, каб зарэгістравацца і ўвайсці ў праграмы і на сайты ўсяго за некалькі націскаў — без запаўнення формаў і стварэння пароляў.
Вы можаце абагуліць свой нумар тэлефона, каб пазбегнуць дадатковых крокаў па верыфікацыі. Таксама вы можаце дазволіць сэрвісам адпраўляць вам паведамленні ў Telegram – вельмі зручна для апавяшчэнняў.
Распрацоўшчыкі могуць знайсці больш інфармацыі пра тое, як інтэграваць Уваход праз Telegram, у гэтым падрабязным кіраўніцтве.
Вы можаце выкарыстоўваць новую опцыю фарматавання 'Дата', каб адправіць пэўны час і дату ў паведамленні. Атрымальнікі могуць націснуць на яе, каб дадаць падзею ў свой каляндар або ўсталяваць хуткі напамін.
Фарматаванне даты аўтаматычна падладжваецца пад лакальную дату і час кожнага атрымальніка — таму нікому не трэба лічыць розніцу ў часавых зонах.
Паведамленні ад ботаў таксама могуць выкарыстоўваць дынамічныя часавыя зменныя, каб паказваць карыстальнікам дакладную дату і час у паведамленні, з улікам іх часавага пояса.
Усе апошнія абнаўленні Telegram Bot API глядзіце ў апошнім спісе змен.
Віншуем з пачаткам вясны. Ужо неўзабаве мы будзем выпушчаць вясновыя абнаўленні! ![]()
![]()
![]()
1 сакавіка, 2026
Каманда Telegram