Налады выгляду каналаў, адпраўка допісаў у гісторыях і шмат чаго яшчэ

Чытаць арыгінальны допіс па-англійску
Channel Appearance, Posts in Stories and More

З сённяшнім абнаўленнем, прымеркаваным да Новага года і Калядаў, любы карыстальнік зможа апублікоўваць допісы з каналаў як гісторыі, каналы атрымаюць пашыраныя налады выгляду, Telegram Premium у падарунак можна будзе адправіць некалькім карыстальнікам адразу, у розыгрышы можна наладзіць дадатковыя прызы, і ўвогуле будзе шмат чаго яшчэ.

Налады выгляду каналаў

Каналам цяпер даступны шырокі спектр наладаў іх выгляду. З кожным узроўнем, атрыманым праз падтрымку ад падпісчыкаў або праз розыгрышы, адкрываюцца новыя налады.

У дадатак да колераў паведамленняў, уладальнікі канала могуць задаць для яго вокладку профілю, эмодзі-статус, тэму і карыстальніцкі фон.

На выбар для эмодзі-статусаў уладальнікам каналаў даступны тысячы эмодзі, зробленых мастакамі Telegram — выбірайце самі, ці будзе побач з назвай анімаваны снегавік або загадкавы хатдог.

Каб наладзіць выгляд канала, адкрыйце яго профіль і выберыце Налады канала > Выгляд.

Узровень канала вызначае, якія налады выгляду становяцца даступны. Не забывайцеся таксама, што каналы з высокім узроўнем могуць размяшчаць гісторыі, дадаваць уласныя рэакцыі і шмат чаго яшчэ.

Допісы ў гісторыях

Допісы з каналаў цяпер можна апублікаваць як гісторыю. Такім чынам вы дадасце ў сваю гісторыю копію паведамлення, якую можна свабодна перамяшчаць, змяняць у памерах або аздобіць дэкарацыямі. Любы, каму дазволена праглядаць вашу гісторыю, зможа націснуць і адразу адкрыць допіс у канале, у якім ён быў размешчаны.

Такія публікацыі даступныя для ўсіх тыпаў допісаў – фота, файлы і нават галасавыя і відэапаведамленні. І мы таксама плануем зрабіць іх яшчэ больш інтэрактыўнымі ў будучых абнаўленнях.

Каб апублікаваць допіс як сваю гісторыю, націсніце стрэлку абагульвання побач з паведамленнем і націсніце «Апублікаваць як гісторыю».

Рассылка падарункаў Premium

З нагоды святаў, або проста каб зрабіць прыемны сюрпрыз сябрам, вы цяпер можаце падарыць падпіску Telegram Premium некалькім карыстальнікам за адзін раз – і гэта, бадай, найхутчэйшы спосаб разабрацца з навагоднімі падарункамі.

У наладах з’явіўся новы раздзел «Падарыць Premium», у якім вы можаце выбраць да 10 карыстальнікаў у адначассе і падарыць ім Telegram Premium, адзін раз націснуўшы. Калі нехта з іх ужо мае Premium, то зможа захаваць падарунак, каб актываваць яго пазней або перадаць іншаму свайму сябру.

Premium можна таксама падарыць асобным карыстальнікам, праз іх Профіль > ⋮ / ⋯ > Падарыць Premium.

Карыстальніцкія прызы і спісы пераможцаў для розыгрышаў

Каналы, якія праводзяць розыгрышы, цяпер могуць задаваць даўжэйшую працягласць і дадаваць уласныя прызы – якія заўгодна, хоць цукеркі, хоць машыну.

А для большай празрыстасці арганізатары розыгрышаў могуць выбраць «Паказваць пераможцаў», каб публічна аб’явіць спіс карыстальнікаў, якія перамаглі. І, калі гэта ўключана, то спіс гэтых шчасліўчыкаў падаецца ў спецыяльным новым паведамленні з канфеці.

Telegram выпадкова выбірае пераможцаў і аўтаматычна раздае коды для падпісак Telegram Premium. За ўсе дадатковыя прызы, якія будуць даданыя ў розыгрыш, будуць несці адказнасць кіраўнікі каналаў.

Спіс абагульванняў і шмат чаго яшчэ

Карыстальнікі ўжо бачаць, хто прагледзеў іх гісторыю і якую рэакцыю пакінуў, а каналы маюць падрабязную статыстыку для разумення «ўдаласці» сваіх гісторый.

А цяпер кіраўнікі каналаў таксама будуць бачыць рэакцыі да сваіх гісторый, а да таго ж — як, дарэчы, і звычайныя карыстальнікі — тых, хто паўторна апублікаваў іх гісторыі.

Абрэзка стыкераў для гісторый

Фота з вашай галерэі можна дадаць на гісторыю – і цяпер вы можаце выдаліць фон, каб імгненна зрабіць стыкеры са сваімі сябрамі, гадаванцамі і легендарнымі артэфактамі.

Каб дадаць фота на гісторыю, адкрыйце панэль стыкеераў у гісторыі і націсніце значок фотаапарата. Потым выберыце фота, націсніце > у меню і выберыце «Абрэзаць», каб выдаліць з яго фон. Для таго, каб карыстацца гэтым функцыяналам, вам спатрэбіцца iOS версіі 17 або навейшай, або Android версіі 7 або навейшай з усталяванымі сэрвісамі Google Play.

І на сёння пакуль што усё — але паглядзім, ці ўлезе яшчэ нешта ў мех падарункаў да таго, як скончыцца гэты год.

Вясёлага Новага года і шчаслівых Калядаў!


23 снежня, 2023
Каманда Telegram

Other News

Старонка профілю, рэкамендаваныя каналы і яшчэ 15 новых магчымасцей

У гэтым месяцы мы дадалі больш за 15 новых магчымасцей, сярод якіх — рэкамендаваныя каналы, спосаб праглядзець свой профіль і паказваць…
Apr 25, 2024

Рэдактар стыкераў – стварайце свае стыкеры

Пачынаючы ад сёння вы зможаце ствараць стыкеры і наборы стыкераў з любога відарысу з дапамогай магутнага рэдактара — не выходзячы з Telegram.
Apr 14, 2024

Прадстаўляем Telegram для бізнесу

З гэтым абнаўленнем любы зможа пераўтварыць свой уліковы запіс Telegram у старонку для бізнесу – і атрымаць доступ да магчымасцей для бізнесу, такіх як паказ часу працы і месцазнаходжання…
Mar 31, 2024

Гісторыі ў суполках і яшчэ 8 магчымасцей

Telegram выводзіць камунікацыю ў суполках на новы ўзровень — з 9 новымі магчымасцямі. Цяпер суполкі могуць размяшчаць гісторыі і захоўваць іх як допісы на сваёй старонцы профілю. Можна…
Feb 29, 2024